Сёлета краіна адзначае 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 115-годдзе прафсаюзнага руху. Дзве важныя для Беларусі юбілейныя падзеі паслужылі стымулам для стварэння грамадзянска-патрыятычнага і ў той жа час інфармацыйна насычанага мерапрыемства, а месца сустрэчы абрана невыпадкова – наша школа носіць імя Героя Савецкага Саюза М.Ф. Гастэлы і мае музей памяці легендарнага лётчыка. Шанец правесці прафсаюзны ўрок выпаў намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 21 Стральчук Галіне Мікалаеўне і настаўніку гісторыі СШ № 21 Дэйчу Віктару Сяргеевічу.
Пачаўся нетрадыцыйны ўрок з фармулявання мэты самімі вучнямі, каб усвядоміць адказнасць кожнага за правядзенне свята напярэдадні Дня Перамогі. У гэты час мы не можам застацца раўнадушнымі да подзвігу беларускага народа, не можам не ўспомніць кожнага, хто мужнасцю і адданасцю Радзіме здабыў нашу незалежнасць і адваяў наша права на жыццё пад мірным блакітам. Актуалізацыя апорных ведаў паказала, што вучні маюць добрыя веды па гісторыі, таму на пытанні, звязаныя з ваеннымі падзеямі на тэрыторыі нашай краіны, адказалі без цяжкасцей. З дзейнасцю Цэнтральнай раённай г. Мінска арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, старшынёй якой з’яўляецца Міронава Ірына Уладзіміраўна (яна ж і адзін з арганізатараў урока), вучні школы пазнаёміліся яшчэ падчас інфармацыйнай гадзіны “Школа актыўнага грамадзяніна”. Дзесяцікласнікі пабудавалі лагічны ланцужок: незадаволенасць людзей уласным становішчам, умовамі працы, зарплатай сталі прычынай для абароны правоў, а значыць – і ўзнікнення прафсаюзаў, якія абараняюць сацыяльныя, працоўныя, эканамічныя інтарэсы.
Віктар Сяргеевіч падрыхтаваў для вучняў змястоўную прэзентацыю пра ўдзел прафесійных арганізацый у Вялікай айчыннай вайне. Трэць кіруючых работнікаў была мабілізаваная ў Чырвоную армію. Толькі ў 1941 годзе страты сярод абкамаў, райкамаў, фабрычна-завадскіх камітэтаў прафсаюзаў складалі каля 60 працэнтаў. З першых дзён вайны прафсаюзы ўключыліся ў перабудову народнай гаспадаркі на ваенны лад, аказваючы ўсялякую дапамогу арміі і фронту. Вялікай была іх роля і ў аднаўленні разбуранай вайной краіны. Вучням дэманстраваліся віды горада Мінска пасляваеннага часу і прапанавалася адказаць, якое месца горада адлюстравана на слайдзе. Канешне, цяжка было пазнаць у руінах Кастрычніцкую плошчу, плошчу Свабоды і іншыя знакамітыя турыстычныя аб’екты сталіцы.
Старшыня Цэнтральнага раённага аб’яднання прафсаюзаў Блажэўская Святлана Сяргееўна распавяла прысутным пра рэканструкцыю народнага помніка Кургана Славы. У падножжы кургана замуравана капсула з запаветам нашчадкам. Асноўны матыў звароту – быць палымянымі патрыётамі сваёй Айчыны, свята захоўваць дружбу народаў і памятаць пра подзвіг людзей, якія адстаялі свабоду і незалежнасць у гады вайны.
У якасці рэфлексіі прысутныя напісалі на аркушы паперы хэштэг, які, на іх думку, адлюстроўвае дзейнасць прафсаюзаў у гады вайны (напрыклад, #подзвіг, #гераізм, #абарона і г.д.), пасля чаго суаднеслі кожны запіс з адпаведным блокам урока. У канцы мерапрыемства слова ўзялі госці – ветэраны педагагічнай працы Еўтух Н.У., Гарачкова Л.В., Ракіцкая Л.В., якія далі каштоўныя парады моладзі і распавялі пра асабісты ўклад у дзейнасць прафсаюза. Для запрошаных была арганізавана экскурсія ў школьны музей М.Ф. Гастэлы, у якой, з дапамогай нераўнадушных людзей, з’явіліся новыя экспанаты. А ў якасці падарункаў для вопытных педагогаў – кветкі як просьба заўсёды заставацца такімі ж маладымі і энергічнымі, з адвечным квітнеючым маем у душы.
Менавіта такая праца з вучнямі, даверлівы інфарматыўны дыялог дазваляюць эфектыўна выхоўваць і развіваць пачуццё патрыятызму, грамадзянскай адказнасці, раяць моладзі ўжо сёння дбаць пра сваю будучыню і спадзявацца перш-наперш на ўласныя сілы, памятаючы, што ва ўсе часы чалавека ўпрыгожвае праца.
Галіна Мікалаеўна Стральчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”